«БЕЛАРУ́СКІ ШЛЯХ»,

штодзённая грамадска-паліт. газета нац.-дэмакр. кірунку. Выходзіла з 8.3 да 23.8.1918 у Мінску на бел. мове ва ўмовах герм. акупацыі. Рэдактар-выдавец з № 1 П.Аляксюк; з № 2 рэдактар А.Прушынскі (А.Гарун), выдавец — т-ва «Заранка». Мэта выдання — сац.-эканам. і культ. адраджэнне Беларусі, яе дзярж. самастойнасць і суверэнітэт. Падтрымлівала палітыку Рады БНР і яе выканаўчага органа — Народнага сакратарыята Беларусі. Асвятляла нац. грамадска-паліт. і культ. рух, змяшчала інфармацыю пра бел. асветны рух, пра дзейнасць Рады БНР, паліт. партый і груповак. Крытыкавала палітыку бальшавікоў і Сав. Расіі. Садзейнічала арганізацыі бел. школ, развіццю бел. культуры.

У.М.Конан.

т. 2, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)